СПІН-АРБІТА́ЛЬНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
узаемадзеянне часціц, залежнае ад значэнняў і ўзаемнай арыентацыі іх арбітальнага і спінавага момантаў імпульсу, адзін з рэлятывісцкіх эфектаў. Вядзе да тонкага расшчаплення ўзроўняў энергіі сістэмы (гл. Тонкая структура).
Фіз. тлумачэнне С.-а.ў. атрымліваецца, напр., пры разглядзе атама вадароду: электрон, які рухаецца вакол ядра, у дадатак да спінавага магн. моманту (гл. Спін) мае арбітальны мех. момант і прапарцыянальны яму арбітальны магн. момант. У выніку С.-а.ў. электрон набывае дадатковую энергію, якая залежыць ад лікавых значэнняў і ўзаемнай арыентацыі арбітальнага і спінавага магн. момантаў электрона. Двум магчымым спінавым станам электрона (праекцыі спіна роўныя +1/2 ці -1/2) адпавядае розная энергія ўзаемадзеяння з арбітальным момантам. У выніку С.-а. ў. ўзроўні энергіі атама вадароду і адпаведныя спектральныя лініі расшчапляюцца на 2 блізкія падузроўні (дублетная структура спектра).
А.А.Богуш.
т. 15, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)